Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!


ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Памяць пра ксяндза пралата Юзафа Бульку жыве

27 снежня 2025 г. ў парафіі святой Ганны ў Мосары адбылася ўрачыстая падзея, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння слыннага святара, былога пробашча парафіі ксяндза пралата Юзафа (Ёзаса) Булькі.

Урачыстасць сабрала шматлікіх гасцей: іерархаў, святароў, прадстаўнікоў мясцовай улады, супрацоўнікаў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, вернікаў.

З гэтай нагоды ў парафіяльным доме адбылася прэзентацыя кнігі пра жыццё і святарскае служэнне ксяндза Юзафа Булькі «Любіў Бога, прыроду і беларускі народ», падрыхтаванай і выдадзенай выдавецтвам «Про Хрысто» па ініцыятыве ксяндза Яна Крэміса. Увазе прысутных была прапанавана фотавыстава «На службе Богу і людзям», створаная супрацоўнікамі музея, а таксама відэа-матэрыялы.

Старэйшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі прыгадаў асноўныя звесткі пра жыццёвы шлях і служэнне знакамітага святара. Сваімі ўспамінамі пра ксяндза Юзафа падзяліліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Удзелаўскага сельсавета Віктар Казіміравіч Карман, ксяндзы-выхаванцы Юзафа Булькі кс. доктар Ян Крэміс, кс. канонік Аляксей Раманчук, кс. канонік Андрэй Яркавец, кс. Славамір Самковіч. Дарэчы, ксёндз Булька выхаваў 13 святароў. Усе выступоўцы засведчылі ахвярнасць, працавітасць, любоў да кожнага чалавека, прыклад моцнай веры ў Бога, любоў да зямлі і прыроды, а таксама нязломную барацьбу з чалавечымі заганамі, з алкагалізмам. Урач Казімір Вацлававіч Яцына адзначыў, што 22 гады сябраваў з кс. Юзафам, дапамагаў яму з самага пачатку служэння на Глыбоцкай зямлі і да апошняга развітання з гэтым святым чалавекам.

Першы экскурсавод Марына Раманаўна Ткачонак распавяла пра супольную працу, пра адносіны да парафіян, пра навядзенне парадку на мясцовых могілках, пра стварэнне алеі цвярозасці. Экскурсавод Аліна Паўлаўна Альшэўская прывозіла ў Мосар турыстычныя групы з усёй Беларусі і для ўсіх ксёндз Булька знаходзіў час на размову, знаходзіў патрэбныя словы. І цяпер прыязджае шмат турыстаў у знакамітую мясціну, і цяпер людзі падыходзяць да магілы святара, каб ушанаваць яго памяць, падзякаваць за створаную ім з дапамогай парафіян прыгажосць, за прыгажосць і шчодрасць яго сэрца.

Цяперашні пробашч парафіі кс. канонік Марат Казлоўскі зазначыў, што менавіта ўдзячнасць сэрца сабрала тут людзей з розных мясцін Беларусі, што ўсіх захапляе моц веры ксяндза Юзафа Булькі, што на ўзор гэтага святара трэба любіць і тварыць прыгажосць.

У касцёле св. Ганны адбылася святая Імша як падзяка Богу за дар жыцця і святарскага служэння ксяндза пралата Юзафа Булькі. Цэлебраваў Імшу біскуп Алег Буткевіч. Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння і сказаў, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз, а любоў прывяла Бога на зямлю, каб наблізіцца да чалавека. У Мосар Бог прыйшоў, калі сюды прыехаў ксёндз Булька. Арцыбіскуп Тадэвуш успомніў пра дзейнасць святара ў Мосары і іншых парафіях, зазначыў, што ксёндз Юзаф прамаўляў да людзей не толькі словам, але сваім сэрцам, сваім прыкладам. Ён жыў тым, чаму навучаў. Ксёндз Булька сваім жыццём засведчыў, што занядбаная зямля можа аднавіцца да годнага, Божага жыцця. Няхай жа памяць пра яго будзе дзейснай!

Парафіяне шчыра падзякавалі іерархам за малітвы і супольнае святкаванне ўрачыстай нагоды – 100-годдзя нараджэння незвычайнага чалавека і святара.

Алена Пажога (CatholicNews.by).

Фота Леаніда Юрыка.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар