Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!


ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

З маладой энергіяй і бацькоўскім клопатам…

4 красавіка 2024 г., у часе радаснай актавы Пасхі, якая сёлета выдалася надзвычай сонечнаю і цёплаю, адзначыў свой 55-гадовы юбілей Яго Эксцэленцыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. А яшчэ зусім нядаўна, 1 лютага, іерарх святкаваў 10-годдзе сваёго біскупскага пасвячэння. З нагоды гэтых двух знакавых юбілеяў у выдавецтве «Про Хрысто» пабачыла свет кніга «Як стаць сведкам Хрыста. З любоўю да моладзі», у якой пададзены разважанні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага пра найважнейшыя аспекты хрысціянскай веры. У дзень нараджэння Яго Эксцэленцыі адбылася прэзентацыя гэтай густоўнай кнігі ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі перад святарамі, вернікамі і шматлікімі гасцямі юбілейнай урачыстасці.

Супрацоўнікі выдавецтва «Про Хрысто» распавялі прысутным пра новае выданне, што нарадзілася з «Блога біскупа», які Яго Эксцэленцыя вёў у інтэрнэце на сайце Catholic.by, каб па-бацькоўску дапамагаць маладым людзям знаходзіць правільныя жыццёвыя арыенціры. «Тут я змяшчаў кароткія звароты да вас. Я шмат маліўся, каб мае словы, думкі і перажыванні дайшлі да вашых сэрцаў і знайшлі там жывы водгук. Мне было заўсёды радасна адчуваць зваротную сувязь з вамі. Гэта стала матывацыяй працягнуць нашу размову», — піша арцыбіскуп ва ўступным слове да кнігі.

Выданне прыемна здзіўляе сваёю шматас­пектнасцю і разнапланавасцю, чытаецца лёгка і з цікавасцю, бо ў ім ёсць глыбіня і непасрэдная аўтарская шчырасць. Загалоўкі раздзелаў кнігі самі гавораць пра актуальнасць яе тэматыкі: «Пераадольваць страх перад будучыняй», «Ці праўда, што адзін любіць, а другі дазваляе сябе любіць?», «Як бачыць Бога ў цярпенні», «Што чакае Касцёл пасля пандэміі?», «Каштаны зацвілі — сесія набліжаецца» і інш. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі з вялікім клопатам піша пра важнасць сям’і, моцнай Богам, пра беражлівыя адносіны да жанчыны, пра любоў у самых розных яе аспектах, у тым ліку пра любоў да Радзімы. У кнізе арцыпастыра вядзецца гутарка пра хрысціянскую пазіцыю і жыццёвую сталасць сучаснага чалавека, пра пашану да людской працы і жыццядайную сілу ў пераемнасці пакаленняў, уздымаюцца шматлікія іншыя праблемныя пытанні, якія сёння могуць хваляваць маладога чалавека.

У гэтай кнізе вы не знойдзеце пафасных настаўленняў з вышыні арцыпастырскага досведу — аповед аўтара закранае самыя патаемныя куточкі сэрца чытача, вядзецца з пазіцыі брата і сябра, без асуджэння, папрокаў і лішняга дыдактызму. Арцыбіскуп не крытыкуе сучасную моладзь, не страшыць яе грахом, а з цеплынёю дзеліцца рознымі гісторыямі з асабістага досведу, сведчаннямі святых, згадвае кранальныя моманты, якія яго самога калісьці моцна ўразілі. Усё гэта нараджае ў душы чытача давер да аўтара і заахвочвае чытаць кнігу да апошняй старонкі.

Варта адзначыць, што кніга мае вельмі густоўны дызайн, над якім рупліва працаваў тэхнічны і мастацкі рэдактар Алег Глекаў, упрыгожыўшы кнігу малюнкамі Яна Лысага, што неардынарна і трапна спалучаюцца з фотаздымкамі Мікалая Новікава. На апошняй старонцы вокладкі кнігі змешчаныя шчырыя водгукі маладых людзей на тэксты з «Блога біскупа», і гэта дадатковы штуршок заглыбіцца ў кнігу і паразважаць пра тое, як жа стаць сведкам Хрыста ў сучасным свеце.

…Напрыканцы прэзентацыі Яго Эксцэленцыя звярнуўся да слухачоў з аповедам пра гісторыю ўзнікнення і напісання гэтай кнігі. Надзвычай чула арцыбіскуп Юзаф успамінаў пра сваю матулю, якая для кожнага чалавека «самы адданы заўзятар». «Якія б цяжкасці ні здараліся ў нашым жыцці, мама заўсёды будзе на нашым баку, бо мы для яе — самыя-самыя: разумныя, моцныя, таленавітыя», — напісаў арцыбіскуп у адным з раздзелаў кнігі, дзе таксама падзяліўся прыгожымі радкамі сваёй песні, прысвечанай матулі. Госці прэзентацыі мелі шчаслівую магчымасць пачуць выкананне гэтай песні з вуснаў самога аўтара, што стала прыгожым і ўрачыстым, светлым і лагічным завяршэннем прэзентацыі.

Пастыр пра маму песню спявае —
Узлятае голас высока;
Сэрца ў грудзях замірае,
Сэрца сягае аблокаў.

Мама сынаву песню чуе —
у мамы чуйнае сэрца.
Сынава сэрца вера гартуе,
Маміна ў вечнасці б’ецца.

Пастыр пра маму спявае песню
Кранальна, высока, прыгожа.
Яна нарадзіла ў дзень яго весні
І прысвяціла Табе яго, Божа.

Дык дай яму неабходныя сілы
І для радасці дай нагоду,
Для служэння дай яму крылы,
Каб сведкам Тваім быў заўсёды!

Фота Мікалая Новікава.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар