Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!


ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі Кодэкс кананічнага права ў беларускім перакладзе

15 снежня 2022 г. ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага выдання Codex iuris canonici (Кодэкса кананічнага права) са зменамі, унесенымі ў апошні час Святым Пасадам у галоўны збор юрыдычных норм Касцёла лацінскага абраду, і з перакладам на беларускую мову.

У прэзентацыі ўнікальнага выдання ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламаты, святары, спецыялісты ў галіне канічнага і дзяржаўнага права з нашай краіны і з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій.

Мерапрыемства, арганізаванае апостальскай нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь, адбывалася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На пачатку ўсіх сабраных у канферэнц-зале галоўнага кнігасховішча краіны прывітаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі адзначыў, што Кодэкс кананічнага права — адзін з асноўных прававых дакументаў Каталіцкага Касцёла, які быў абнародаваны ў Ватыкане Папам Янам Паўлам ІІ амаль 40 гадоў таму, 25 студзеня 1983 года. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пры падтрымцы Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь пераклала Кодэкс лацінскага абраду на беларускую мову, каб духавенства і ўсе зацікаўленыя маглі атрымаць доступ да кананічнага заканадаўства на сваёй мове. Кодэкс быў выдадзены ў арыгінальнай лацінскай версіі і ўключае ў сябе ўсе абнаўленні, якія Каталіцкі Касцёл унёс за апошнія гады, асабліва падчас цяперашняга пантыфікату Папы Францішка. Нунцый Ёзіч нагадаў, што ў лютым гэтага года Святы Пасад змяніў або перагледзеў 151 канон Кодэкса, даручыўшы каталіцкім біскупам больш кампетэнцый.

Прадстаўнік Святога Айца выказаў падзяку ўсім спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў перакладзе Кодэкса на беларускую мову і яго выданні, а таксама тым, хто падтрымаў праект, у прыватнасці нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis.

«Святы Пасад жывіць надзею, што гэта важнае дасягненне палегчыць вывучэнне і прымяненне касцёльнага заканадаўства, а таксама стане доказам імкнення Каталіцкага Касцёла ўключацца ў рэчаіснасць, у якой ён жыве, узбагачаючы яе хрысціянскім духам для дабра ўсяго беларускага народа», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч.

Быў зачытаны таксама прывітальны адрас Старшыні Дыкастэрыі заканадаўчых тэкстаў арцыбіскупа Філіпо Янонэ, скіраваны на імя Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча.У ім высокі ватыканскі іерарх падзякаваў нунцыю за дасланы экзэмпляр выдання, а таксама выказаў віншаванне беларускаму каталіцкаму епіскапату з паспяхова здзейсненым перакладам асноўнага заканадаўчага тэксту Касцёла, асабліва адзначыўшы ўсіх кампетэнтных спецыялістаў, якія прычыніліся да гэтай справы.

Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. У ім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату назваў пераклад Кодэкса кананічнага права на беларускую мову «неардынарнай і адметнай падзеяй для жыцця каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

«Гэта нагода для гонару, а перадусім для ўдзячнасці Богу і Яго Провіду, які дазволіў вернікам каталіцкай супольнасці адной з самастойных краін у цэнтры Еўропы нарэшце адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі паўсюднага Касцёла таксама і ў прававой галіне.

Можна лічыць гэта яшчэ адным крокам і знакам на шляху адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля эпохі атэістычнага пераследу, вяртання да нармальнасці ў выкананні сваіх функцый і абавязкаў», — напісаў біскуп Алег Буткевіч, які асабіста не змог узяць удзелу ў прэзентацыі.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана вопыту падрыхтоўкі Кодэкса ў 1983 годзе і яго першых перакладаў у былых савецкіх рэспубліках.

Прысутныя паглядзелі відэазварот монсеньёра Бруно Фабіё Пігіна, прафесара з Папскага ўніверсітэта кананічнага права ў Венецыі (Італія), які назваў галоўнага перакладчыка Кодэкса на беларускую мову, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, «адным са сваіх лепшых вучняў».

Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу (Расія) монсеньёр Сяргей Цімашоў распавёў прысутным пра вопыт перакладу тэксту Кодэкса на рускую мову, які рабіўся пры актыўным удзеле былога Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Івана Юркавіча і цяперашняга нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча падчас іх працы ў Маскве. Пра асаблівасці перакладу Кодэкса на літоўскую мову, праца над якім вялася больш за пяць гадоў, распавёў удзельнікам прэзентацыі монсеньёр Рамуальдас Зданіс з Панявежыса.

Гэтыя два пераклады сталі першымі, зробленымі на тэрыторыі былога СССР, а беларускі пераклад стаў трэцім у гэтым шэрагу.

Пра працу над ім распавялі два святары, якія супольнымі намаганнямі яго здзейснілі. Прамову ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага з Мінска дапоўніў кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па юрыдычных пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска з Ліды, які актыўна падключыўся да праекту і паспрыяў яго завяршэнню ў рэкордна кароткі тэрмін.

Пра значэнне беларускага перакладу Кодэкса для партыкулярнага Касцёла ў Беларусі сказаў у сваім выступе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, пасля чаго адбылася сімвалічная перадача Кодэксаў прадстаўнікам касцёльных і свецкіх інстытутаў Беларусі.

Кодэкс кананічнага права з беларускім перакладам будзе на бязвыплатнай аснове перададзены ў касцёльныя структуры і бібліятэкі Беларусі.

На заканчэнне ўрачыстага мерапрыемства Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч яшчэ раз падзякаваў усім, хто прычыніўся да выхаду ў свет выдання, і ўручыў Апостальскае благаслаўленне Папы Францішка рэдактару беларускага тэксту — загадчыцы кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчыцы беларускай мовы ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне Алене Садоўскай.

Мікола Гракаў (Catholic.by).

Фота Мікалая Новікава.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар