У гадавіну рэкансэкрацыі мінскай катэдры арцыбіскуп Кандрусевіч прэзентаваў кнігу ўспамінаў пра кардынала Свёнтка
21 кастрычніка 2021 г. арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў гадавіны рэкансэкрацыі святыні, якая адбылася ў 1997 годзе.
Мінская катэдра мае больш як 300-гадовую гісторыю: багатую і трагічную. Галоўныя яе моманты нагадаў прысутным арцыбіскуп Кандрусевіч, зазначыўшы, што асаблівы драматычным быў лёс святыні ў часы ваяўнічага атэізму…
На заканчэнне гаміліі ён сказаў: «Мы сёння ўдзячныя Богу за гэты дар вернікам Мінска і пілігрымам у сталіцу нашай Бацькаўшчыны. Удзячныя кардыналу Казіміру Свёнтку, які сёння адзначаў бы 107 гадавіну свайго нараджэння. Удзячныя ўсім, хто больш за 300 гадоў таму пабудаваў катэдру, бараніў яе ад закрыцця, адбудоўваў і моліцца ў ёй».
Пасля Імшы адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера…», выдадзенай выдавецтвам «Pro Christo». Арцыбіскуп Кандрусевіч прадставіў сабраным выданне, прысвечанае Сведку веры, першаму і адзінаму ў сучаснай гісторыі Беларусі кардыналу, якое выйшла ў свет у 10-ю гадавіну яго смерці.
«Мы павінны памятаць пра сваю гісторыю і карані, пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, і ва ўсіх цяжкасцях ратавацца верай», — сцвердзіў падчас прэзентацыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.







