Кніжны Будслаў. Чым можна папоўніць сваю бібліятэку на сёлетнім фэсце?
Будслаўскі фэст — гэта вялікае рэлігійнае свята, якое мае таксама неад’емную культурную складаную. 2 ліпеня 2018 г., непасрэдна перад галоўнай св. Імшой урачыстасці, у 10.20 адбылася прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове. А на традыцыйным кірмашы, падчас фэсту, можна было набыць цікавыя кніжныя навінкі, календары і літаратуру, прысвечаную Будславу.
Праца над перакладам Новага Запавету ішла 15 гадоў. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «прымаючы пад увагу тое, што беларуская касцёльная мова, у тым ліку біблійная, знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканалення, праца перакладчыкаў насіла не толькі і не столькі тэхнічны, колькі, перадусім, творчы характар».
У шапіках выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» і Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай можна набыць выданні, прысвечаныя Будславу. «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай». Выданне прысвечана Нацыянальнаму санктуарыю Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Кніга распавядае пра гісторыю Будслава і будслаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у ёй падаюцца гістарычныя і іконаграфічныя звесткі пра будслаўскі абраз Божай Маці, аналізуюцца яе спісы і прыводзяцца сведчанні вернікаў пра цуды, звязаныя з гэтым абразом.
У кнізе «Абраз Маці Божай Будслаўскай» мастацтвазнаўца Аляксандр Ярашэвіч даследуе гісторыю культу абраза Маці Божай Будслаўскай на Беларусі. Кніга вытрымала ўжо два выданні і карыстаецца нязменным попытам у чытачоў.
У кнізе а. Фларэнтына Піваша OFM змешчана «Навэнна да Маці Божай Будслаўскай», якая дапаможа вернікам паглыбіць сваю веру і любоў да Панны Марыі і Езуса Хрыста, духоўна падрыхтавацца да сустрэчы з цудатворным абразом у будслаўскім санктуарыі, узбагаціць уласную малітоўную практыку.
Разважанні на паасобныя дні навэнны пабудаваны на аснове благаслаўленняў Хрыста, пра якія ішла гутарка ў Казанні на гары. У выданне ўключаны таксама некаторыя іншыя малітвы, якімі можна разнастаіць набажэнства да Маці Божай Будслаўскай.
У шапіках можна набыць таксама іншую духоўную літаратуру, календары з рэлігійнымі святамі на наступны год, абразы, свечкі і спецыяльныя папяровыя падсвечнікі, якія абароняць рукі вернікаў ад гарачага парафіну, а полымя свечкі падчас працэсіі не дадуць задзьмуць ветру.




