Вядомы сямейны псіхолаг Яцак Пулікоўскі наведаў Мінск
У лістападзе 2010 года Мінск наведаў вядомы сямейны псіхолаг з Польшчы Яцак Пулікоўскі. Многія яго ведаюць і ў Беларусі дзякуючы кнігам, што выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo»: «Стоит быть отцом: главная карьера мужчины», «Крокодил для любимой», «Стоит полюбить тёщу», а таксама дзякуючы яго цікавым артыкулам у часопісе «Любите друг друга».
У Мінску ён сустрэўся са студэнтамі медуніверсітэта, а таксама выступаў у касцёле святога Роха і ў касцёле святых Сымона і Алены. Чалавек ён светлы, вельмі пазітыўны, з адкрытаю шчыраю ўсмешкаю. Свае сустрэчы звычайна пачынае так: «Я вельмі шчаслівы чалавек. Я шчаслівы муж адной жонкі, з якой у шлюбе ўжо 34 гады. Я шчаслівы бацька траіх дзяцей...» Аднак шчасце бацькоўства да сужэнцаў Пулікоўскіх прыйшло не адразу. Яго яны чакалі цэлых дзесяць гадоў, займаючыся пры гэтым душпастырствам сем’яў. Гэтае вялікае служэнне яны нясуць па сённяшні дзень.
За тры дні, што спадар Яцак прабыў у Мінску, ён акрэсліў і асвятліў шмат цікавых пытанняў па праблемах сям’і, бацькоўства і ўвогуле шчасця.





